Фашызм — гэта не гісторыя першай паловы XX стагоддзя, ён пастаянна прысутнічае ва ўсіх грамадствах сусветнай Поўначы. Гэта ідэалогія, заснаваная на падтрыманні прывілеяў, на гвалце ў адносінах да структурна слабейшых, на праслаўленні няроўнасцяў, абумоўленых традыцыяй; гэта глабальная эксплуатацыя і засцянковы патрыярхат; гэта неаліберальны эксклюзівізм, нянавісць да таго, што не-белае, жаночае, што неадназначна; гэта сухасць формы і самотны поспех; гэта радыкальнае памяншэнне поля зроку з апантанасцю сабой, якая не бачыць далей свайго носа; гэта прымус, кантроль, адсутнасць пачуцця гумару, выцясненне і нянавісць, якая шукае іншага (вінаватага). «Фашыст» у XXI стагоддзі ў некаторых колах перастаў быць уніжальным тэрмінам. Акунуты ў патрыятычна-рэлігійны або неаліберальны соўс, ён лічыцца дабрадзейнасцю. Сённяшні фашыст — гэта італьянскі хіпстэр з роўна падстрыжанай барадой, міністр юстыцыі, святар-палкоўнік, дэспат, які кіраваў краінай чвэрць стагоддзя, або ўладальнік тэхналагічнай кампаніі, чый прыбытак у секунду ўтрая перавышае месячныя даходы яго супрацоўнікаў. Фашыст — гэта фантазія аб белым чалавеку на вяршыні: шэфе, галаве сям’і, Месіі… Таму фашызм з’яўляецца пазачасавай з’явай, як кажа Каця Шадкоўская, мастачка і куратарка, якая вывучае альтэрнатыўныя рухі ў Расіі, у інтэрв’ю з Агнешкай Райзахер:
«Асабіста я ўспрымаю фашызм як квінтэсэнцыю капіталізму, логіка якога фашысцкая па сваёй сутнасці. Любая пабудова іерархіі прыводзіць да тыраніі, да таталітарызму, які характарызуе фашызм».
Крызісы прымушаюць фашызм набіраць абароты, абяцаюць апеку і кляпы замест адказу на ўсе нездаволеныя пытанні. Бяспека. Стабільная сувязь. Чысціня. Бель. Кантроль. Дысцыпліна. Проста прытрымлівацца правілаў, сядзець ціха, не выходзіць, не хварэць, не зацяжарваць, не рабіць аборт, не працаваць. Чакаць. І ўсё будзе добра.
Не, не будзе.
Калі вы жанчына, усе, што вы не робіце, не будзе добрым — вы атрымаеце ў лепшым выпадку гонар стаць арганічнай рэпрадуктыўнай машынай; будучыня будзе ў вас аднята. Калі вы квір, лесбіянка, небінарны чалавек, транс, ваша суб’ектыўнасць ніколі не будзе прызнана, вас будуць паталагізаваць, медыкалізаваць, выганяць, пакуль вы не зразумееце свае правіны і ня выправіце сябе. Калі вы працаўніца, то ніякі локдаўн вас не закране, а за сродкі асабістай абароны вы заплаціце самі. Як чалавек са спадарожнымі захворваннямі, вы саступіце месца ў чарзе на прышчэпкі дактаранту медыцыны, а перад ім яго прафесару, дэкану, рэктару і жонцы рэктара. Вы пачуеце, што жыццё прафесара каштоўней вашага, таму што вы працуеце на касе, а ён вядзе заняткі з-за экрана свайго кампутара. Нам патрэбна кардынальная змена парадыгмаў; збалансаванае суіснаванне з прыродай, справядлівая ацэнка нябачнай працы жанчын, палітызацыя апекі.
Да таго часу, баюся, сястра, нам нічога не застаецца, акрамя як змагацца і супраціўляцца. Мы не адны ў гэтым супрацьстаянні, у Беларусі сясцёр замыкаюць у турмах, над імі здзекуюцца, да іх дамагаюцца, а нярэдка гвалцяць. Яны не здаюцца. Яны пратэстуюць. Не маюць выхаду. Леся Пчолка і Надзя Саяпіна дзеляцца сваім вопытам інтэрнавання. Пекла — гэта жорсткае затрыманне і некалькі дзён у перапоўненай камеры, але і гэта можна перажыць. Кіра Шмырова піша пра справу Юліі Цвятковай, тэатральнай рэжысёркі, мастачкі і феміністкі з Камсамольска-на-Амуры, якая ўжо год знаходзіцца пад хатнім арыштам за публікацыю нявінных малюнкаў жаночай вульвы. Яна з’яўляецца палітвязнем Крамля. У Расеі караецца нават вымаўленне ў грамадскім месцы слова «клітар». У сувязі з ростам гвалту ў дачыненні да людзей ЖЛІНТ (Жанчын, Лесбіянак, Інтэрсэксуалаў, Небінарных, Транссэксуалаў) мы павінны ўмацоўваць міжнародную салідарнасць. Ала Савашэвіч збірае лісты ад беларусак да полек і наадварот, даверныя адносіны і словы падтрымкі, перадае іх з вуснаў у вусны, з рук у рукі, каб не забыцца. Яна нагадвае, што рэвалюцыя — гэта звычайныя людзі са сваімі эмоцыямі, непакоямі і жаданнямі. Адвакатка і актывістка Дар’я Чурко, пратэстуючы, вызваляе месца для свайго лесбіянства ў беларускім грамадстве. У Польшчу з Турцыі адпраўляюцца гукі падтрымкі ў міксах «Polish Women Revolution Tapes». Ад аўстрыйскага мастака і рэжысёра Ёханэса Гірлінгера я даведваюся, што ў Беластока ёсць выдатная рэвалюцыйная гісторыя, якую можна прасачыць у яго кінематаграфічным эсэ «Рэінтэрпрэтацыя паходжання – гісторыя ідэй». Мастачка Лада Наконечна, якая знаходзіцца ў Познані, шукае прыдатную форму для помніка жаночым пратэстам; Сяргей Шабохін ужо адзін рэалізаваў. У «Сацыяльным мармуры» ён супаставіў помнік Леніну з таннай фоліяй для мэблі, якая імітуе каштоўны камень. Уладзімір Маляўка выходзіць з правакацыйнымі гравюрамі на вуліцы Менска. Яму надакучыла крывадушнасць, ён хоча праз зласлівасць мовы высмеяць дзядзьку Сашу. На месцы, у Брэсце, працуе пераследуемы ўладамі тэатр КХ. Ён не паддаецца ціску; ён там, каб застацца.
Гэта дае мне сілу і ўпэўненасць у тым, што нас шмат як у мінулым, так і ў сучаснасці; рэвалюцыі вечныя, яны вяртаюцца ў кожным пакаленні. Яны з’яўляюцца для нас выпрабаваннем адпаведнасці слоў да дзеянняў. І давайце не будзем баяцца, нават калі гэта не мы пераможам з фашызмам, абавязкова зробіць гэта за нас узвар’яваная бабуля Зямля… Хоць з павагі да людзей я б палічыла за лепшае не аддаваць ёй усёй улады.