Arrow-long-left
#14
#14

МАСТАЦТВАЗНАЎЧЫ КАНАЛ

ІНТЭРВ’Ю

Мінулыя будучыні / Рэінтэрпрэтацыя паходжання — гісторыя ідэй

Ёханэс Гірлінгер «Мінулыя будучыні»

«Мінулыя будучыні» — гэта палітычна-паэтычныя разважанні аб сутнасці і наступствах рэвалюцыі. Узорнай адпраўной кропкай гэтай эсэістычнай кінастужкі з’яўляецца Сакавіцкая рэвалюцыя 1848 года ў Вене. Што застаецца пасля рэвалюцыі? Калі яна лічыцца правалам? Калі і як пабачыць яе дасягненні? Ці ўсе рэвалюцыі патрабуюць працягласці трывання?

У фільме два выдуманых персанажа ў Вене адпраўляюцца на пошукі, падарожнічаюць па часе і прасторы, перш за ўсё жадаючы аднаго: зразумець, якая будучыня ляжыць у мінулым, а якое мінулае — у будучыні. Падобна гарадскім археолагам, яны шукаюць даўно забытыя рэмінісцэнцыі гістарычнай барацьбы і звязваюць іх з сучаснымі формамі палітычнага супраціву. Помнікі, мемарыяльныя месцы і цэнтральныя месцы рэвалюцыі 1848 года аналізуюцца на прадмет іх значнасці і сувязі з сучаснасцю, а таксама параўноўваюцца з палітычнымі дэманстрацыямі апошніх гадоў. Такім чынам, «Мінулыя будучыні» разважаюць аб практыцы калектыўнага запамінання і забывання. Якім чынам мы памятаем, і што гэта кажа аб нас самых? Што памяць кажа пра часы, у якія мы жывем, і пра нашыя магчымыя будучыні? Як гісторыя ўпісваецца — у значнай ступені непрыкметна для нас — у наш цяперашні час, і што мы можам даведацца ад яе пра сучаснасць і будучыню?

Ёханэс Гірлінгер «Мінулыя будучыні»

Ёханэс Гірлінгер «Мінулыя будучыні»

Ёханэс Гірлінгер «Мінулыя будучыні»

Ёханэс Гірлінгер «Мінулыя будучыні»

«Мінулыя будучыні» аб’ядноўваюць фрагменты мінулага і вобразы сучаснасці, складаючы іх зноўку. Як і раней, таксама і сёння вуліца з’яўляецца крытычным пунктам, дзе выяўляюцца істотныя праблемы і здымаецца сацыяльная напружанасць. Камера дакументуе дэманстрацыі ў Вене на працягу многіх гадоў: між іншым, дэманстрацыі правых і іх апанентаў, накшталт руху «Моладзевы кліматычны страйк» або прыхільнікаў незалежнасці Біафры. Фільм паказвае, што кожны сучасны палітычны рух ужо ўтрымлівае ў сабе мінулы, гэтак жа, як у будучыні змяшчаецца яе мінулае, якое праз некалькі гадоў будзе перавызначана наступнымі групамі.

Ёханэс Гірлінгер «Мінулыя будучыні»

Фільм Ёханэса Гірлінгера — гэта спроба зразумець прыроду палітычнага аспекта жыцця праз даследванне грамадскай прасторы. Пошук слядоў двума героямі, якія дзейнічаюць незалежна адзін ад аднаго, ясна дае нам зразумець складанасць калектыўнага запамінання і разумення сучаснасці. Фільм адначасова з’яўляецца партрэтам горада і яго культуры памяці, а таксама сучасным гістарычным дакументам аб актуальных палітычных рухах у Еўропе. Палітычна-паэтычнае эсэ пра мінулыя, сучасныя і будучыя рэвалюцыі, сугучна з Вальтэрам Беньямінам, ставіць пытанне: Ці трэба абараняць дасягненні мінулага ад сучаснасці?

***

Беласток — гэта горад на ўсходзе Польшчы, які быў важным цэнтрам анархісцкага руху ў Еўропе. Беласток лічыўся сімвалам мірнага суіснавання розных рэлігій і культур; ён з’яўляецца радзімай Людвіга Лазара Заменгофа, стваральніка мовы эсперанта. У цяперашні час, у XXI стагоддзі, здавалася б, мала што засталося ад ранейшага рабочага характару горада з габрэйскім насельніцтвам. Нешматлікія сляды ў краявідзе горада, якія вытрывалі розныя выпрабаванні, даглядаюцца цяпер нямногімі. Сляды, якія могуць прачытаць толькі тыя, хто ведае аб іх паходжанні, а дакладней — менавіта тыя, хто хоча аб іх даведацца. Але не толькі далёкае мінулае выгравіравана ў пейзажы горада, але і неадлеглае мінулае пакідае свае знакі і сімвалы на сценах дамоў, у парках і на плошчах.

Інсталяцыя «Рэінтэрпрэтацыя паходжання — гісторыя ідэй (Remapping the origins — a history of ideas)» (заснаваная на матэрыяле 42-хвіліннага кінематаграфічнага эсэ Ёханэса Гірлінгера) накіравана на знаходжанне гэтых слядоў, праходжанне іх шляхам, усведамленне з іх неад’емнымі супярэчнасцямі, памяццю, забыццём і запамінаннем. Гледзячы на працу Ёханэса Гірлінгера, мы разумеем, наколькі глыбока мінулае ўплецена ў тканіну горада. Аднак у паўсядзённым жыцці гэты факт звычайна выслізгвае ад увагі, ён існуе (амаль) незаўважна. Ці не праўда, што ў горадзе рэдка чаму прысвячаюць менш увагі, чым помнікам? Ці звязана гэта з тым, што рэдка хто бярэ на сябе адказнасць за перанос іх з мінулага ў сучаснасць?

Ёханэс Гірлінгер «Рэінтэрпрэтацыя паходжання — гісторыя ідэй»

Ёханэс Гірлінгер «Рэінтэрпрэтацыя паходжання — гісторыя ідэй»

Ёханэс Гірлінгер «Рэінтэрпрэтацыя паходжання — гісторыя ідэй»

Ёханэс Гірлінгер «Рэінтэрпрэтацыя паходжання — гісторыя ідэй»

Інсталяцыя спрыяе разуменню таго, як палітычныя падзеі выяўляюцца ў абліччы гарадоў, у паўсядзённым жыцці і ў свядомасці людзей. Што маладыя людзі думаюць пра памяць і забыццё? Якое значэнне мае для іх гісторыя? Гэтыя пытанні самі напрошваюцца ў такім горадзе, як Беласток (notabene месца нараджэння Дзігі Вертава), у якім у XX стагоддзі адбыліся радыкальныя змены.

Сёння Беласток, размешчаны на ўскраіне Еўрапейскага Саюза, застаецца амаль забыты; горад становіцца прадметам цікавасці заходнееўрапейскіх СМІ толькі тады, калі патрэбны прыклад, каб праілюстраваць супярэчнасці і наступствы палітычных змен, якія выяўляюцца больш выразна, чым дзе-небудзь у Еўропе. Праца «Рэінтэрпрэтацыя паходжання – гісторыя ідэй» — гэта не толькі партрэт горада ва ўсходняй Польшчы, але, магчыма, таксама разважанне пра будучыню Еўропы, у якой светапогляд аўтарытарнага нацыяналізму відавочна грае ўсё больш важную ролю, у адрозненне ад плюралістычнага суіснавання.

Тэксты: Аляксандра Каладзейчык, Карл Врачко
Пераклад з нямецкай мовы: Зоф’я нерадзіньска

Ёханэс Гірлінгер (нар. 1985)вучыўся ў Венскай акадэміі мастацтваў. У сваёй дзейнасці ён займаецца гісторыяй, памяццю, успамінамі, формамі супраціву і іх прадстаўленнем. У форме кінематаграфічных эсэ ён даследуе інтэрпрэтацыі, сумневы і стварае патэнцыйныя будучыя вобразы. Яго праекты былі паказаны на нацыянальных і міжнародных кінафестывалях і ва многіх ўстановах, у тым ліку Visions Du Réel Nyon, Belvedere21 Vienna, Werkleitz Center for Media Art, CPH:DOX, Edinburgh International Film Festival, mumok cinema, Diagonale Graz. Аўтар жыве і працуе ў Вене.

Newsletter

Bądź z nami na bieżąco – Zapisz się do naszego newslettera i śledź nas w mediach społecznościowych: