Arrow-long-left
#14
#14

МАСТАЦТВАЗНАЎЧЫ КАНАЛ

ІНТЭРВ’Ю

Прастора КХ

Васіліса Паляніна з серыі "Яна мяне не любіць, мама", 2020 г

«Прастора КХ» — незалежная культурная пляцоўка ў Берасці (Беларусь) — была створана ў 2014 годзе калектывам тэатра «Крылы халопа» (да 2011 года — «Свабодны тэатр»). Да гэтага часу, з 2001 года, тэатр існаваў без свайго памяшкання, арэндуючы залі для рэпетыцый і паказаў, і рэгулярна сутыкаючыся цэнзурай, ідэалагічным кантролем і ціскам. Уласная прастора нарэшце стала месцам свабоднага мастацкага выказвання. Паступова калектыў тэатра рушыў на пошукі новых формаў, якія станавіліся ўсе менш і менш прывязанымі да фізічнай лакацыі. Апошнія працы тэатра «Крылы халопа» — «Brest Stories guide» — дакументальная аудыё-выстава, прысвечаная гісторыі брэсцкага гета (у выглядзе дадатка для Android і iOS), форум-выставы онлайн і ў Zoom-фармаце. А невялічкая заля ў цокалі багатапавярховага жылога дома стала больш, чым папросту тэатральнай прасторай, яна стала Прасторай даследвання і прэзентацыі, адукацыі і камунікацыі ў галіне тэатра, сучаснага мастацтва, гісторыі, літаратуры, сацыялогіі і культуралёгіі.

З 2014 года ў «Прасторы КХ» праходзяць мерапрыемствы (лекцыі, дыскусіі, майстар-клясы, семінары, кінапаказы, творчыя сустрэчы і г.д.) з удзелам вядучых беларускіх і замежных экспертаў. Галоўным вектарам, што аб’ядноўвае ўсе гэтыя мерапрыемствы, з’яўляецца крытычнасць мастацкага і даследчыцкага позірка, а таксама інклюзіўнасць і барацьба за гендэрную, расавую і сацыяльную роўнасць.

фотa Раман ЧМЕЛЬ, "ДОМ ДЗЕ Я"

фотa: Veronika Arhipova, Darya Churcko, #NOTSWEETHOME, 2020, Cleanness

фотa: Veronika Arhipova, Darya Churcko, #NOTSWEETHOME, 2020, THE DOCTOR

Як галерэя «Прастора КХ» працуе з 2017 года. Штогод мы праводзім каля 7-8 выставаў сучаснага беларускага (перш за ўсё) мастацтва. Трэба адзначыць, што галерэя «Прастора КХ» — адзіная галерэя, што прынцыпова і на пастаяннай аснове працуе з актуальным мастацтвам у Берасці, абласным цэнтры з амаль 400-тысячным насельніцтвам. Напачатку галоўным напрамкам нашай дзейнасці быў «імпарт» найбольш значных крытычных выставачных праектаў, перш за ўсё з менскіх галерэй. Але паступова мы сканцэнтраваліся на «уласным вырабніцтве» унікальных куратарскіх праектаў з удзелам найбольш перспектыўных і ўжо прызнаных мастачак_коў. За некалькі гадоў галерэя «Прастора КХ» стала сапраўдным эпіцэнтрам сучаснага беларускага мастацтва, нягледзячы на сваю па-за-сталічную геалакацыю.

З самага пачатку палітычных пратэстаў у Беларусі галерэя «Прастора КХ» натуральным чынам адгукалася на сітуацыю. Усё беларускае мастацтва ў адзіны момант стала вельмі крытычным. І тыя тэмы, што мы праблематызавалі (з большым ці меньшым поспехам) у мінулыя гады, сталіся нарэшце агульна важнымі.

BDERGAMOT група "Палёт", 2020 (скрыншот відэа)

Васіліса Паляніна / з серыі "Яна мяне не любіць, мама", 2020 г.

Васіліса Паляніна / з серыі "Яна мяне не любіць, мама", 2020 г.

Андрэй Анро, "Асобы сістэмы", 2020 г.

У верасні мы сабралі першы пасля жнівеньскага шоку праект пад назвай «Безаблічныя» — калектыўнае даследванне працэса фізічнай і метафізічнай, свядомай і не, страты чалавечага аблічча. Гэты феномен чалавека, што страціў ліцо ці адмовіўся ад сябе = ад свабоды = ад адказнасці, і сёння выглядае адным з найбольш зварушлівых феноменаў 2020.

У наступнай выставе «Дом дзе я», што прайшла ў кастрычніку 2020 ў межах фестываля «Месяц фатаграфіі ў Менску» і аб’яднала праекты чатырох маладых беларускіх фатографак, прысвечаныя тэме «дома», безумоўна вылучаўся праект Веранікі Архіпавай і Дар’і Чачко #notsweethome, які апісваў і адлюстроўваў досвед знаходжання Дар’і ў турме пасля таго, як яна была арыштаваная ў ходзе аднаго з мірных жаночых маршаў у Менску. А вось персанальная выстава Аляксея Талстова «Суп часу. Накіды» у лістападзе пагрузіла нас у атмасферу глабальнай катастрофы і яе (не)пазбежнасці. На мяжы 2020 і 2021 у галерэі «Прастора КХ» дэманстраваліся «Не/вясёлыя карцінкі» — працы 15 мастачак_коў, у якіх яны візуалізавалі свае бачанне беспрэцэндэнтнага для света (і асабліва для Беларусі) 2020 года.

МАКСІМ САРЫЧАЎ "Я АМАЛЬ МАГУ ЧУЦЬ ПТУШАК "

МАКСІМ САРЫЧАЎ "Я АМАЛЬ МАГУ ЧУЦЬ ПТУШАК "

фота - Сяргей Нікрашэвіч МАКСІМ САРЫЧАЎ "Я АМАЛЬ МАГУ ЧУЦЬ ПТУШАК"

Першай выставай у 2021 павінен быў стаць праект фатографа Максіма Сарычава «Я амаль магу чуць птушак», падымаючы з забыцця гісторыю аднаго з найбуйнейшых нацысцкіх канцлагераў — Малага Трасцянца, які знаходзіўся побач з Менскам. Гэта выстава мелася нагадаць пра безумоўную каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця, неабходнасць памяці і непазбежнасць пакарання… Але ж 27 студзеня 2021 у «Прасторы КХ» пачаліся вобшукі, выстава прапрацавала адзін дзень. На дадзены момант у дачыненні «Прасторы КХ» дзяржаўнымі службамі праводзіцца шэраг праверак, што робіць працу галерэі немагчымай. Але ж мы спадзяемся, што час, калі мы зможам узнавіць нашу дзейнасць, хутка надыдзе. І мастацтва павернецца ў Прастору.

Уладзімір Грамовіч, Леся Пчэлка, "Scratches", 2020 г.

Лізавета Міхальчук – Мастацтвазнаўца, куратарка, крытыкіня. Навучалася ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Менск — Вільнюс). Стажыравалася ў Вышэйшай школе мастацтваў (Брэст, Францыя). З 2017 года — куратарка галерэі «Прастора КХ».

«ПРАСТОРА КХ»
Беларусь, Брэст 224013, вул. Халтурына 2/1
teatrkh.com
prastorakx@gmail.com
fb ins vk / prastorakx

Newsletter

Bądź z nami na bieżąco – Zapisz się do naszego newslettera i śledź nas w mediach społecznościowych: