Arrow-long-left
#14
#14

МАСТАЦТВАЗНАЎЧЫ КАНАЛ

ІНТЭРВ’Ю

Polish Women Revolution Tapes

Стужкі Польскія жанчыны рэвалюцыі, том 1

Кажуць, рэвалюцыі нараджаюцца ў кавярнях. У 2020 годзе кавярні, як і клубы, рэстараны, музеі і бары былі зачыненыя. Абмежаваныя функцыянаваннем ў інтымных мірах, мы працягвалі працаваць над малымі і вялікімі праблемамі ў абароне годнасці, роўнасці, свабоды і вяршэнства закона. Прасторай рэвалюцыі была, нягледзячы на тое, што нас закрылі ў чатырох сценах, вуліца. Удзел у вулічным пратэсце быў у «нармальных» абставінах выразам мужнасці і салідарнасці, але падчас эпідэміі ён стаў яшчэ больш моцнай праявай адзінства і адданасці пратэстоўцаў.

У 2020 годзе я практычна не магла выконваць сваю працу. Я з’яўляюся дыджэйкай, антраполагам культуры і куратаркай, якая працуе пад шыльдай «Ladies on Records». На працягу многіх гадоў я знаёмлю з музыкай, якую ствараюць жанчыны з усяго свету, імкнуся звярнуць увагу на культурнае і палітычнае канструяванне механізмаў ва ўспрыманні актыўных жанчын у мастацтве і шоў-бізнесе. Разам з дыджэйкамі, селектаркамі або музычнымі прадзюсаркамі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні сучаснай музычнай культуры, я была пазбаўлена доступу да клубаў — асноўнай прасторы выканання маёй жаночай рэвалюцыі.

Рэвалюцыя польскіх жанчын заспела мяне ў Стамбуле, дзе я жыву больш за 5 гадоў. 22 кастрычніка 2020 я з непакоем і з нарастаючым гневам глядзела на экран камп’ютара, на якім мае польскія сёстры, цёткі і бабулі крычалі, сціснуўшы зубы, нецэнзурныя словы ў бок цяперашняй польскай улады. Пастанова аб узмацненні жорсткасці ўжо тады непрымальнага закона аб абортах у Польшчы вымусіла жанчын выйсці на вуліцу для абароны сваіх правоў чалавека і грамадзяніна. Пратэсты раслі, набіралі сілу і ўздзейнічалі на ўсё большую колькасць людзей у Польшчы і паза яе межамі. Салідарнасць з польскімі жанчынамі праяўлялі асобныя людзі, арганізацыі, СМІ, таксама ў Турцыі, дзе працяглая барацьба за правы і свабоды зрабіла турэцкіх жанчын надзвычай моцнымі і непахіснымі ваяркамі.

Не маючы магчымасці далучыцца да пратэстаў, не маючы магчымасці ісці маршамі, не маючы магчымасці крычаць і патрабаваць павагі і ўвагі ў такіх фундаментальных пытаннях, як наша жаночае цела і жыццё, я хацела падтрымаць польскіх жанчын у іх барацьбе. Я вырашыла праявіць падтрымку і салідарнасць з імі такім чынам, які мне па-ранейшаму даступны: праз музыку і супрацоўніцтва з моцнай, дынамічнай супольнасцю жанчын, якія ствараюць музычную культуру ва ўсім свеце.

Стужкі Польскія жанчыны рэвалюцыі, том 2

Праект «Polish Women Revolution Tapes» быў створаны надзвычай натуральным і арганічным спосабам. На мой заклік у сацыяльных сетках да дыджэяк, селекцыянерак і музычных прадзюсарак аказаць падтрымку пратэстуючым полькам адказалі дзясяткі жанчын з многіх краін і ўсіх кантынентаў. Стварэнне «саўндтрэкаў» да жаночай польскай рэвалюцыі ператварылася ва ўніверсальны выраз жаночай салідарнасці ў барацьбе за правы і годнасць, за права распараджацца сваім жыццём у патрыярхальным свеце. Разам з песнямі для рэвалюцыйных мікстэйпаў, дыджэйкі і прадзюсаркі даслалі словы падтрымкі і падбадзёрвання, поўныя сілы і веры ў магчымасць уздзеяння на агрэсіўную, кансерватыўную палітычную сістэму.

Мэтай удзелу ў праекце было дадаць сілы польскім жанчынам, звярнуць увагу ўсяго свету на гэтую барацьбу, але адначасова ўзмацніць кожную з нас — салідарнасць і дзеянні ў дачыненні да так фундаментальнай і універсальнай справы, як свабода, прывялі да таго, што наша праца – праца мастачак, дыджэяк, прадзюсарак — зноў магла паўплываць на рэальнасць гэтаксама, як калісьці мы гэта рабілі ў клубах, барах або кавярнях.

«Polish Women Revolution Tapes» складаецца з двух мікстэйпаў і сведчанняў салідарнасці ў выглядзе прыватных паведамленняў ад суаўтараў_ак праекта да польскіх жанчын. Бадзёрыя творы, выкананыя жанчынамі, былі сабраны і прадстаўлены ў выглядзе двух розных па стылістыцы сэтаў. «Vintage Sounds» і «Modern Sounds» — гэта зборнікі, якія адпавядаюць густам розных слухачоў па ўсім свеце. Але іх аб’ядноўвае адно — гэта выраз калектыўнай спагады жанчын у агульных пытаннях, важных для кожнай з нас, незалежна ад краіны ці культуры, з якой мы атаясамліваемся. «Polish Women Revolution Tapes» гучалі ў медыях па ўсім свеце, звяртаючы ўвагу на пратэсты жанчын у Польшчы і салідарнасць жанчын з усяго свету.

Праект «Polish Women Revolution Tapes» быў праілюстраваны працамі польскай мастачкі Ізабелы Новак, якая жыве ў Берліне і ўдзельнічае ў барацьбе за свабоду жанчын.

Мастачкі, якія прынялі ўдзел у праекце: Miray Nur Yilmaz (Турцыя), Madam Scorcher (Вялікабрытанія), Dj Carie (Францыя), Tasha Goldberg (ЗША), BdL, (Францыя), DJ Nixie (Бельгія), Gelly Mantouvalos (Грэцыя), Coco Maria (Мексіка), DJ Honey, (Аўстралія), Ladies on Records (Польшча), Nathalie Shooter (UK), Giu Nunez (Бразілія), Luanda (Бразілія), Dj Babs (Канада), DJ Eurotrashyash (Канада), Tropical Djipsies (Партугалія), Lola Villa (Калумбія), Cuenique (ЗША), Ellyott (Ізраіль), Pezon DJ (Іспанія), Sharouh (Францыя), Ahu (Турцыя), Djane Irinski (Германія), Tropical djipsies (Бельгія)

https://www.ladiesonrecords.com/polish-women-revolution-tapes

Карнэлія Бініцэвіч — «Ladies on Records», нар. 1979. Дыджэйка і антраполаг культуры, калекцыянерка кружэлак і куратарка музычных зборнікаў. Нарадзілася ў Польшчы, 5 гадоў жыве ў Турцыі. У цяперашні час жыве на адным з Прынцавых астравоў каля Стамбула. Яна займаецца расповедам пра жанчын у музыцы 60-х, 70-х і 80-х гадоў праз дыджэйскія сэты, напісанне артыкулаў і куратарства ў музычных і выдавецкіх праектах. Куратарка такіх зборнікаў, як: “«Turkish Ladies. Female Singers from Turkey 1974-1988» ці «Uzelli Psychedelic Anadolu».

www.ladiesonrecords.com

Newsletter

Bądź z nami na bieżąco – Zapisz się do naszego newslettera i śledź nas w mediach społecznościowych: