Arrow-long-left
#14
#14

ІНТЭРВ’Ю

СЭРВІС

НА ВАСТРЫІ НАЖА

Каця Шадкоўска, відэа 2, 2011 - 2020

Агнешкі Раязахер: Мы з табой знаёмыя ўжо каля 10 гадоў, і, як я памятаю, ты заўжды цікавілася і, напэўна, таксама ў нейкім сэнсе была часткай антыфашысцкага руху. Распавядзі калі ласка, як гэта пачалося, калі і чаму ты ўлілася ў гэтую тэму.

Кацяй Шадкоўскай: Гэта адбылося, пэўна, у 2011 годзе. Штосьці ўнутры мяне назапасілася, але было там ужо даўно — гэтакі лявацкі ген. Раней я не ведала, як гэта выказаць, не было такой магчымасці. Я пазнаёмілася з людзьмі, напрыклад, з такой малой анархісцкай камуны «Кім Чэн Ір» (Kim Dzon Ir) у Пецярбургу, якая ўжо не існуе. Гэта была супольнасць, якая мела сувязь з Еўрапейскім унiвэрсітэтам у Пецярбургу — адной з найбольш прагрэсіўных вышэйшых навучальных устаноў Расіі. Я пачала знаёміцца з гэтым левым асяроддзем, і апынулася, што такі склад мыслення мне блізкi. Што тычыцца антыфашызму, у цэлым кожны нармальны чалавек — антыфашыст.

Што такое «антыфа» на тваю думку?

Гэта залежыць ад таго, з якога боку глядзець. Ёсць антыфа і ёсць антыфашызм. Антыфа — гэта субкультура, нават шмат субкультур, пра што таксама апавядаюць мае відэаработы Сярод іх ёсць некалькі асноўных, напрыклад панкі і скінхэды. Але што да паняцця «антыфа», то тут вельмі важным складнікам з’яўляецца стаўленне да гвалту. Аднойчы на антыфашысцкім форуме ў Варшаве я пачула, як хтосьці казаў, што антыфашызм — гэта барацьба з кожным відам гвалту. Для мяне гэтае сцверджанне супярэчыць само сабе, таму што як можна змагацца, не звяртаючыся да гвалту? І я маю на ўвазе не толькі фізічны гвалт. Барацьба заўжды так ці інакш спалучаецца з гвалтам, аднак трэба ўлічваць тое, што прыхільнікі антыфа заўжды займалі толькі абарончую пазіцыю, і гэта вельмі важна: самаабарона, абарона дыскрымінаваных, слабых і гэтак далей. Анархісцкая антыфа не павінна імкнуцца да захопу ўлады, у адрозненне ад іншых левых рухаў. Але мяжа паміж актыўным і пасіўным гвалтам вельмі тонкая, і з гэтым мы таксама сутыкаемся ўнутры руху. Мая відэаработа паказвае супярэчнасці, але таксама і апавядае пра тое, што мець супярэчнасці — гэта нармальна. Я не хачу гаварыць, што гэта нейкі жах — такое жыццё. Там, дзе шмат людзей, заўжды будуць супярэчнасці і праблемы з камунікацыяй, важней за ўсё тое, як гэтыя праблемы вырашаюцца.

Але калі мы вядзём гаворку пра антыфашызм, то перадусім трэба вызначыць, што такое фашызм. Гэта не толькі гістарычны тэрмін. Я б пагадзілася з Ільёй Будрайтскісам (рус. Илья Будрайтскис), расійскім гісторыкам і тэарэтыкам, размову з якім можна пачытаць на маёй выставе, у тым, што сёння цяжка казаць пра неафашызм як пра адраджэнне фашызму ў той форме, у якой ён існаваў у мінулым стагоддзі. Гістарычны фашызм быў абумоўлены некалькiмi чыннікамі, якіх сёння няма. Перадусiм ён з’яўляўся рэакцыяй і спосабам барацьбы з працоўным рухам, які тады нарастаў; гэта быў лева-радыкальны рух, якога мы зараз не маем. Тады ўмоў для яго ўзнікнення было яшчэ больш. Аднак гэта не азначае, што праварадыкальныя і ўльтракансерватыўныя тэндэнцыі і тое, у якім кірунку сёння рухаюцца неалібералізм і капіталістычная сістэма, не набліжаюцца да фашызму. Я асабіста разумею фашызм як квінтэсэнцыю капіталізму, бо ягоная логіка фашысцкая па самой сваёй сутнасці. Кожная пабудова іерархіі прыводзіць да тыраніі і таталітарызму, якія з’яўляюцца рысамі фашызму. А анархія — гэта процілегласць фашызму.

Каця Шадкоўска, відэа 2, 2011 - 2020

Каця Шадкоўска, відэа 2, 2011 - 2020

Як ты знаходзіш герояў для сваіх фільмаў? Ці ахвотна яны з табой размаўляюць? Якія яны?

Гэта ўсё вельмі па-інсайдэрску. Я проста жыву ў гэтым асяроддзі, запісваю размовы, здымаю рэчы, якія мне падабаюцца, думаю, што гэта калісьці можа быць прыдатным да чаго-небудзь, але я ніколі ў тым не ўпэненая. Часам таксама адчуваю, што трэба запісаць нешта на відэа. Я зрабіла вельмі шмат інтэрв’ю.

Той матэрыял, які апынуўся на выставе, тычыцца канфлікту 2013-2014 гг. Людзі падзяліліся на цвярозых «асілкаў», групоўку, якая вельмі крытычна і  непаважліва ставілася да ЛГБТК-агенды (англ. agenda — павестка), а таксама на інтэлігентнае, універсітэцкае, панкавае асяроддзе, якое было «на так» з тым, што тычыцца псіхаактыўных субстанцый, і падтрымлівала барацьбу за правы ЛГБТК у межах анархісцкага руху. Гэта вельмі цікава ў кантэксце таго, што адбываецца, напрыклад, у сквоце «Пшыходня» (pl. Przychodnia) ў Варшаве. Там былі згвалтаванні, і яны былі звязаныя з мачызмам. Я не ўпэненая, ці гамафобы яны, таму што асабіста не чула ад іх падобных заяў, аднак я гэтага не выключаю. Але я дакладна чула вельмі некарэктныя выказванні пра жанчын.

Некаторыя з герояў маіх фільмаў самі хочуць паразмаўляць, я заўжды задаю пытанні і шчыра кажу, што не ведаю, ці выкарыстаю калісьці гэты матэрыял, але гэта вельмі верагодна. Звычайна яны хочуць пагутарыць, любяць распавядаць, рэагуюць вельмі пазытыўна. Вядома, ёсць такія сітуацыі, больш ў Польшчы, калі анархісткі_ты не маюць ахвоты абмяркоўваць унутраныя праблемы руху. І, безумоўна, я павінна гэта паважаць.

У маім фільме я хацела таксама паказаць цеплыню, якая ёсць паміж гэтымі людьзмі. У мяне быў такі досвед, таму што я жыла ў камуне ў Пецярбургу. Калі вы ў супольнасці, разам вы ўтвараеце гэтакі кокан, поўны ўзаемнай падтрымкі, а таксама прыняцця  жыцёвых выбараў і рашэнняў адно аднаго. Пазней, калі выходзіш у навакольны свет, выяўляецца, што людзі будуюць іерархіі, жывуць далей у тым жа самым свеце, і гэта не проста збівае цябе з панталыку, але яшчэ і не гартуе. Жыццё ў анархакамуне ў пэўным сэнсе можа песціць чалавека, таму што трэба ведаць пра рэаліі па-за яе межамі, і разумець, як іх адольваць. Анархія — гэта вельмі ідэалістычная філасофія, якая дапускае у кожным з нас наяўнасць унутранай гармоніі і ладу, якія мы транслюем у свет, ствараючы тым самым вельмі спарадкаванае грамадства. Мы ўсе разумеем, што не зможам пабудаваць такі ідэальны свет зараз, чалавецтва да гэтага яшчэ не гатовае, таму што яно знаходзіцца на іншым узроўні свядомасці, але гэта не азначае, што мы не мусім імкнуцца да лепшага.

Напрыклад, прагрэсіўныя сацыялісты распрацоўваюць доўгатэрміновыя стратэгіі, імкнуючыся да гэтага ідэалу, і я з тым цалкам пагаджаюся. Мне вельмі падабаецца тое, што кажа Ян Сова (pl. Jan Sowa). Было б цудоўна, калі б з’явілася больш людзей з такімі поглядамі, якія б хацелі займацца рэальнай палітыкай.

Як доўга ўжо ты працуеш над сваімі фільмамі?

Я пачала здымаць у 2011-м, апошні фільм зняла ў 2019-м, а ў гэтым годзе толькі манціравала.

Каця Шадкоўска, відэа 2, 2011 - 2020

Для таго, каб рабіць свае фільмы, ты размаўляеш з маладымі анархістамі і анархісткамі і хаця гэтае пытанне пра анархісцкі рух можа падацца неадэкватным мяне ўсё ж цікавіць, ці вынікае з іх адказаў нейкае бачанне  будучыні? Маю на ўвазе, ці ёсць там нешта акрамя «нахуй сістэму»? Мне здаецца, што гэтае пытанне асабліва важнае сёння ў кантэксце таго, што адбываецца ў Польшчы, калі на вуліцах зноў з’явілася шмат моладзі.

Файна, што ты пра гэта пытаешся. Украіна, Майдан — гэта было таксама: нахуй Расію, нахуй дзяржаву, але, на жаль, не было канструктыўнай праграмы. Чаму яе не было – гэта іншае пытанне. Што мы канкрэтна можам зрабіць, каб яе стварыць? Тых праўдзівых канструктыўных прапаноў няма нідзе. Няма ў Расіі, дзе людзі вельмі баяцца, у Злучаных Штатах і Еўропе таксама няма. Быў прыгожы рух #occupy, але я ведаю, што частка актывістаў апынулася ў турме. У дзяржавах Усходняга блока сёння ёсць рашучая непрыязнасць да леварадыкальных ідэй, да камунізму, нават да сацыялізму, якія асацыююцца з савецкай акупацыяй. Напэўна, само слова «марксізм» шмат каго звычайна палохае. Хаця ўвогуле непрыязнасць да леварадыкальных ідэй ёсць паўсюль, і гэта так ці інакш заслуга неаліберальнай ідэалогіі, якая сёння сапраўды знаходзіцца на сваім уздыме, бо ў яе атрымалася падпарадкаваць нашую ментальнасць. Між іншым, апроч змены капіталізму на нешта зусім іншае няма ніякіх варыянтаў. Пандэмія вельмі моцна падкрэсліла гэты працэс — сістэма буксуе. Яна дасягнула сваёй крытычнай масы, цяпер нешта павінна змяніцца. Калі б у нас сапраўды была прасацыяльная сістэма, было б значна прасцей пераадолець пандэмію ў кароткі тэрмін.

Вяртаючыся да анархіі: што тычыцца лозунгаў тыпу «нахуйсістэму», то я практычна не ведаю такіх асоб у руху. Гэта больш тычыцца дзецюкоў, якія гуляюцца ў панк-рок! Мне цяжка сабе ўявіць, што людзі, якія даследуюць свет, разважаюць пра тое, што такое анархізм, маглі б існаваць выключна ў такой парадыгме. Анархізм — гэта спосаб мыслення, спроба эмансіпіраваць статус-кво. Як сказаў адзін вельмі цікавы анархісцкі тэарэтык Пётр Рабаў, што анархізмам можна назваць вольную думку. Калі Бакуніна спыталі, што б ён зрабіў, калі б апынуўся ў анархісцкай сістэме сваёй мары, ён адказаў, што пачаў бы ўсё бурыць і дэканструяваць. Яшчэ адзін тэарэтык, якога я вельмі шаную, Пётр Ласкоўскі, казаў, што анархія — гэта эмансіпацыя ад асабістага фашызму, і я з гэтым цалкам згодная.

Аднак ў святле апошніх падзей, звязаных з пастановай Канстытуцыйнага трыбуналу Польшчы, якая парушае правы чалавека, паўстае надзея на нейкія змены.

Праўда, гэта нясе надзею. Так было ў Грэцыі і Іспаніі, пры тым што, на жаль, гэта пакуль што не атрымалася давесці да канца. У сённяшняй сітуацыі ёсць патэнцыял узмацнення сацыялістычных тэндэнцый, якія з’яўляюцца альтэрнатывай для «ПіСу» (партыя «Права і Справядлівасць»), Кааліцыі (партыя «Грамадзянская Кааліцыя») і г. д. То бок, ведаеш, змена, напрыклад, Трампа на Байдэна не надта шмат чаго зменіць. Будзе крыху менш папулізму, але ўся сістэма і правілы яе функцыянавання застануцца такімі ж. Рыторыка будзе падобная, і рыначная сістэма таксама — і на гэтым усё.

Тут можа быць тое самае: гэта вельмі добра, што жанчыны — і не толькі жанчыны —  змагаюцца за сваё права на легальныя аборты. Уявім сабе, што яны адваююць гэтае права — а што далей? Выцісканне ад уладаў некалькіх крыху лепшых пастаноў і нейкіх марных грошай па сутнасці нічога не зменіць.

Мы можам увесь час прагнуць паслаць нахуй гэтую сістэму і гэтыя партыі пры ўладзе, але таксама нам патрэбныя альтэрнатыўныя план і стратэгія. Сама бачыш, што робіцца з пратэстамі. Гэта цудоўна, што выйшла столькі людзей, але пакуль не будзе зразумела, чаго мы канкрэтна хочам і патрабуем, нічога не зрушыцца з месца, пакуль у нас не будзе канкрэтыкі, гэта заўжды будзе сканчвацца тым, што мы жадаем, каб было добра і не было дрэнна.

Я вельмі спадзяюся, што сфарміруюцца канкрэтныя левыя партыі, якія нарэшце атрымаюць вялікую падтрымку. Аднак мне здаецца, што для гэтага як-ніяк вельмі патрэбная падтрымка мэйнстрымавых медыя. На жаль. Мы можам варыцца ў сваім маленькім гуртку леванакіраваных людзей і радавацца таму, што маем аднолькавыя погляды. Але каб нешта змянілася, гэтая ідэя павінна шырыцца.

Каця Шадкоўска, відэа 2, 2011 - 2020

Каця Шадкоўска, відэа 2, 2011 - 2020

Ты цікавішся перадусім антыфашысцкім і анархісцкім рухамі ў Расіі, адкуль ты родам. Ці звязаная ты таксама з падобнымі супольнасцямі ў Польшчы? Калі так, ці можаш распавесці, чым яны адрозніваюцца ў Расіі і Польшчы?

Цікава тое, што ў Расіі анархісцкі рух лічыцца левым, тады як у Польшчы ён успрымаецца як быццам бы нешта «паміж», і гэта можа мець сувязь з непрыязнасцю да левых рухаў у краінах былога Усходняга блока, пра што я ўжо казала. У Польшчы, зрэшты як і на Украіне, трохі ў большай ступені існуюць, напрыклад, анархісцка-патрыятычныя рухі, хаця здаецца, што гэта пярэчыць ідэі анархізму і, падазраю, што гэта мае сувязь з пытаннем адрознасці паміж нашымі нацыяналізмамі. Расійскі — больш імперыялістычны і інтэрнацыянальны, бо ён звязаны наўпрост з палітыкай, якую праводзіць Расія. У Польшчы і ў іншых краінах былога Усходняга блока нацыяналізм болей сепаратыўны, і ён таксама мае сваіх прыхільнікаў у Расіі, дзе гэтыя дзве фракцыі ваююць паміж сабой. Іх адрозненні выявіліся, напрыклад, падчас вайны з Украінай: частка нацыяналістаў хацела поўнага аддзялення Украіны ад  Расіі (яны паехалі на Данбас, каб падтрымаць украінцаў), а іншая частка лічыла, што Украіну трэба ўключыць у склад Расіі.

Апроч гэтага не бачу нейкіх фундаментальных адрозненняў паміж анархісцкімі рухамі ў Польшчы і Расіі. Усе таксама не пагаджаюцца з існай сістэмай, у якой мы жывём.

Ці ведаеш ты, як польская антыфа адрэагавала на апошнія здарэнні, звязаныя з пастановай супраць абортаў?

Пануе моцны супраціў, і, вядома, распаўсюджваюцца антыкапіталістычныя слоганы, некалькі нашых налепак зрабіў мой сябар (які пажадаў застацца ананімным), ён распрацаваў іх адмыслова для Страйку Кабет.

Каця Шадкоўска, відэа 2, 2011 - 2020

Антыфа крытыкуе перадусім нацыяналізм, неафашызм, неанацызм. Тое, што адбываецца сёння ў Польшчы і ў свеце, звязана з узмацненнем гэтых рухаў, з дазволам на іх развіццё, ці, на тваю думку, у сувязі з гэтым расце таксама і антыфа?

Не ведаю. Некаторым здаецца, што руху ўжо няма, што ўсё развальваецца. Такую пазіцыю часта займаюць людзі ў Расіі — гэта вынікае з палітычнай сітуацыі. У час гегемоніі «Адзінай Расіі», ведаеш, гэтай кіруючай партыі ўсе баяцца. У левых рухаў няма лідараў. Ёсць, напрыклад, Аляксей Гаскараў, у якога быў патэнцыял аб’яднаць усе супольнасці, але яго арыштавалі і пасадзілі ў турму, і з той пары, як ён выйшаў, увесь час за ім сочаць. Сістэма робіць немагчымымі канкрэтныя левыя дзеянні, усе баяцца, што трапяць у турму за якую дробязь. Возьмем да прыкладу сітуацыю са справай «Сеткі» (рус. дело «Сети») — кейс, які быў сфабрыкаваны службамі бяспекі. У Расіі ўсе анархісцкія месцы пахаваліся, а было шмат вельмі добрых — Vegan Club у Маскве, Animals і Old School Bar у Пецярбургу. Зараз ёсць адно месца ў татальным андэрграўндзе. Спадзяюся, што яму нічога не пагражае. Яно называецца Svora, на сваёй выставе я паказваю здымкі людзей, якія яго ствараюць. Тыя людзі зараз арыентуюцца ў асноўным на канцэртную дзейнасць.

А пра Польшчу цяжка казаць. На сквотах столькі ж людзей, колькі і было. Падазраю, што ў студэнцкім асяроддзі іх больш — я бачу гэта па студэнтах_ках, з якімі працую ў Акадэміі. З іншага боку, не ведаю, ці будуць яны глыбей у гэта уваходзіць. Падазраю, што ў некаторых выпадках гэта ліберальны антыфашызм. Добра, што ён ёсць хаця б у такой форме, толькі ў яго няма нічога агульнага з анархісцкім рухам. Яны робяць антыфашысцкія кангрэсы, нешта круціцца і я спадзяюся, што гэта не скончыцца толькі актыўнасцю для ГП (партыя «Грамадзянская Платформа») або іншых партый ліберальнай апазіцыі. У Парыжы ў мяне ёсць сябры — яны як удзельнічалі, так і працягваюць удзельнічаць у дэманстрацыях. У Штатах ёсць Black Lives Matter. Пазнаёмілася нядаўна з чалавекам, які актыўна звязаны з гэтым рухам. Ён стварае графіці, з’яўляецца скінхэдам, удзельнікам гэнгу (з англ. gang — банда, групоўка), арганізоўвае пратэсты. У Штатах вельмі шмат такіх людзей. Шчыра спадзяюся, што гэты рух разрасцецца, але мяркую па ўсім, што адбывалася дагэтуль, напрыклад, з прыгожым рухам #occupy, які разваліўся, таму што апроч усяго людзей пасадзілі ў турмы. У мяне ёсць адчуванне, што неаліберальная сістэма і гэтая ідэалогія з’ядаюць наш мозг даастатку, і што мы ўсе жывём як быдла ў загоне. Нам даюць крыху свабоды і вольнасці, але толькі ў абмежаванай колькасці. Cядзім у гаджатах, мала думаем, мала чытаем, мала сустракаемся.

Спадзяюся, што антыфашысцкі рух будзе ўзмацняцца, хаця з іншага боку мяне турбуе, што нас цяпер так лёгка кантраляваць праз інтэрнэт — інструмент волі і кантролю адначасова. Я думаю, што павінна з’явіцца новае левае аб’яднанне — начытанае, канкрэтнае, стратэгічнае, лагічнае, моцнае і прагрэсіўнае. І я бачу гэта ў марксісцкіх колах, але, вядома, вяртання да таго, што было ў часы СССР і ПНР, быць не можа — гэта была вялікая памылка. З іншага боку, можа і добра, што гэта адбылося, і мы ўжо ведаем, у якім напрамку не трэба ісці. Ёсць шмат файных людзей, але яны не ведаюць, як аб’яднацца, не маюць адвагі, каб пачаць дзейнічаць канкрэтна. Можа яны баяцца, таму што зараз ёсць спосабы падавіць і задушыць усё гэта, нават не садзячы нікога ў турму. А можа таксама ў іх усё яшчэ ёсць надзея, што гэта як-небудзь само вырашыцца.

Я адчуваю, што мы знаходзімся у кропцы незвароту не толькі ў Польшчы. Гэтая крытычная маса праяўляецца ў настроях, у музыцы, якую людзі слухаюць, вялікім вяртанні гераіну, у дэпрэсіўных настроях моладзі.

Калі мы не зменім нашага падыходу да таго, што робім, прырода і космас зменяць яго за нас, што ўжо адбываецца на нашых вачах. Гэта падобна да пандэміі чумы ў Еўропе ў XIV стагоддзі — калі б не яна, верагодна, капіталізм не з’явіўся бы ў той форме, у якой мы яго ведаем. У любым выпадку гэта быў сапраўды моцны імпульс да перафармавання феадальнай Еўропы ў капіталістычную. Цяпер наступны крок пасля капіталізму — гэта сацыялізм, але пытанне ў тым, ці гатовае чалавецтва зрабіць гэты крок.

Каця Шадкоўска, "АСМР патрыятызм супраць нацыяналізму", відэа, 2020 г

Антыфа гэта толькі нефармальны рух ці гэта таксама лад жыцця, спосаб спраўляцца з рэчаіснасцю, а можа быць і спроба адгарадзіцца ад яе?

Усё разам. Гэта, бясспрэчна, лад жыцця і быцця. Калі чалавек лічыць, што ён з антыфа, у гэтым заўжды ёсць элемент адрэналіну. Калі ты гэта адчуеш, яно зробіцца адным з элементаў твайго жыцця, у тым ліку і часткай самога ладу жыцця. Людзі жывуць разам, імкнуцца працаваць разам. У Расіі і Польшчы ёсць суполкі людзей, якія працуюць разам, не маючы ніякай іерархіі, усе як бы на адным узроўні, па-руску гэта называецца «артель», у Польшчы такія фармацыі функцыянуюць як вытворчыя кааператывы. Апроч таго, анархісткі_ты арганізуюць свае выставы, канцэрты, фестывалі, у іх ёсць, як мы ведаем, аўтаномныя адукацыйныя прасторы.

Што тычыцца ўцёкаў ад рэчаіснасці, думаю, што бегчы ад яе можна ў любым асяроддзі. Гэта залежыць ад псіхікі. А калі мы маем на ўвазе ўцёкі ў сэнсе «зачыніцца у сваёй малой супольнасці і адгарадзіцца ад іншых людзей», то гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці. Людзі маюць права групавацца і жыць разам. Мяжа, зразумела, тонкая — жывеш у кокане, ідзеш на працу, маеш дачыненні з людзьмі, што маюць вялікія капіталістычныя сківіцы, прыходзіш — і табе дрэнна. Але гэта не ўцёкі, таму што ў такім выпадку гаворка ідзе пра людзей, якія хочуць змяніць свет і глыбока вераць у тое, што яны кажуць і робяць.

Чаму ты выкарыстоўваеш у сваіх працах АСМР?

Па-першае, гэта вельмі папулярна, асабліва падчас пандэміі і велізарнага стрэсу. Ёсць мноства каналаў на YouTube, мільёны людзей гэта глядзяць, я таксама — часам гэта дапамагае мне заснуць. Можна выкарыстаць гэтую з’яву, каб трансліраваць леванакіраваны змест. Я падумала і вырашыла, што пачну праект АСМР-прапаганды, ну і паглядзім, ці атрымаецца.

Па другое, гэта з’ява на вастрыі нажа — мноства людзей падчас прагляду адчуваюць сябе нязграбна, і гэта файна, таму што нас выкідае за мяжу нашай прыземленай свядомасці, зноў жа парушае статус-кво.

Ну і па трэцяе, АСМР дае шмат магчымасцей зрабіць нешта цікавае. Фармальна гэта вельмі далікатны, мяккі, пяшчотны фармат, што мае патэнцыял, вялікую сілу і здатнасць да змены оптыкі.

Варшава, лістапад 2020

Агнешка Райзахер і Каця Шадкоўска на выставе К. Шадкоўскай "Мір, любоў і антыфашызм", lokal_30, Варшава, 2021, фота: Kinga Cieplińska

Працы Каці Шадкоўскай можна пабачыць на сайце выставы “Peace, Love & антыфашызм”

Катя Шадковская – художница и куратор. Изучала живопись в Академии Изобразительных Искусств в Варшаве, закончила Высший музейный кураторский курс в Ягеллонском Университете в Кракове. Она является студенткой докторантуры Академии изящных искусств в Варшаве. Ее интересы включают в себя занятие искусством, арт-терапию и популяризацию про-социальной деятельности среди социально изолированных людей. Она работает в реабилитационных центрах для наркоманов, тюрьмах, образовательных центрах и др. Она также активно работает в области культурного сотрудничества между Польшей и странами Восточной Европы.

Агнешка Райзахер – художественный критик, куратор выставок, редактор и автор книг по современному искусству, преподаватель Варшавского университета. С 2005 года она руководит галереей lokal_30 в Варшаве, деятельность которой сосредоточена на изучении и продвижении женского искусства (но не только), с особым акцентом на зрелых художниках и художниках молодого поколения, которые в своих работах поднимают широко понимаемые темы, связанные с этическим функционированием в современном мире. Соучредитель (вместе с Агатой Якубовской, Анкой Лесняк и Магдаленой Уймой) дискуссионной группы Феминистского семинара, посвященной визуальной культуре и вопросам, связанным с современным феминизмом.

Newsletter

Bądź z nami na bieżąco – Zapisz się do naszego newslettera i śledź nas w mediach społecznościowych: